
Толькі 30—40 % ад усяго часу кіроўца-дальнабойшчык непасрэдна едзе, а 60 працэнтаў займаюць прастоі на пагрузцы і разгрузцы, а таксама прастоі пры праходжанні межаў, адзначыў старшыня асацыяцыі БАМАП Мікалай Баравы на семінары па павышэнні эфектыўнасці працы міжнароднага аўтамабільнага транспарту.
Калі і раней пытанні павышэння эфектыўнасці выкарыстання працоўнага часу былі вельмі важнымі для кіраўнікоў арганізацый міжнародных перавозчыкаў, то ў верасні гэтага года яны сталі яшчэ больш актуальнымі. Справа ў тым, што з 20 верасня набылі моц папраўкі да Еўрапейскага пагаднення, што датычыцца працы экіпажаў транспартных сродкаў, якія выконваюць міжнародныя аўтамабільныя перавозкі (ЕСТР). І згодна з гэтымі папраўкамі, новыя рэжымы працы і адпачынку кіроўцаў сталі яшчэ больш жорстка рэгламентаваць час знаходжання кіроўцаў за рулём і час іх абавязковага адпачынку.
— Змены ў гэтых правілах патрабуюць іх укаранення на нашых прадпрыемствах, прытрымлівання прапісаных там рэжымаў. Іх невыкананне будзе карацца штрафамі, якія за мяжой пачынаюцца ад 3 тысяч еўра, — сказаў Мікалай Баравы і дадаў, што для кантролю будзе выкарыстоўвацца лічбавы тахометр. — Навошта такі кантроль патрэбны? Не адкрыю Амерыку, калі скажу, што ў першую чаргу ён патрэбны для вырашэння галоўнай задачы — павышэння ўзроўню бяспекі руху і захавання жыццяў людзей... Наш кіроўца каля 60 % часу прастойвае на пагрузцы-разгрузцы і на межах. І пасля ўсіх гэтых прастояў яму кажуць: "Даганяй час!" І ён, нягледзячы на тое, што прастаяў увесь дзень, пачынае ноччу даганяць згублены час. А зараз лічбавы тахометр запіша, што ў час адпачынку кіроўца працаваў. Не важна, дзе ён парушаў рэжым, але яго спыніць, скажам, іспанскі інспектар і накладзе штраф. Такім чынам, нам не толькі для павышэння эфектыўнасці працы, але і для павышэння бяспекі дарожнага руху трэба шукаць нейкія новыя інструменты, — сказаў старшыня асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў.
Дарэчы, на семінары ўдзельнікі абмяняліся меркаваннямі наконт двух такіх інструментаў — папярэдняга інфармавання і дэкларавання.
Прадстаўнікі прадпрыемстваў, якія займаюцца міжнароднымі перавозкамі і выкарыстоўваюць папярэдняе інфармаванне мытных органаў Беларусі, а таксама карыстаюцца магчымасцямі праекта МСАТ TІR-EPD, падзяліліся сваім досведам у гэтай сферы. Усе адзначылі, што папярэдняя перадача звестак пра груз на мытню значна скарачае час прастояў, што, у сваю чаргу, дазваляе больш эфектыўна працаваць і эканоміць.
— У нас восем аўтацягнікоў, і мы за мінулы год зэканомілі 2400 еўра. Гэта вельмі вялікія грошы, я лічу, а калі браць па часе, то наш аўтапарк зэканоміў 10 гадзін пасіўнага часу — гэта, па сутнасці, адзін рэйс, — падзяліўся вынікамі выкарыстання новых інструментаў Андрэй Кукушкін, намеснік дырэктара ТАА "Экспрэстранс".
Што тычыцца ў цэлым працы міжнародных перавозчыкаў у Беларусі, то, па выніках першага паўгоддзя 2010 года, паступленні замежнай валюты ад экспарту паслуг аўтамабільнага транспарту склалі 339 мільёнаў долараў, што на 24,9 % болей за ўзровень 2009 года, паведаміў Мікалай Баравы.
— У тым ліку па грузавым аўтамабільным транспарце гэтая сума склала 304 мільёны долараў, а прырост склаў 27,5 % да ўзроўню 2009 года, — сказаў старшыня асацыяцыі БАМАП. — Выручка ад эксплуатацыі грузавых аўтамабіляў склала 879 мільярдаў рублёў (рост 22,2 % у параўнанні з аналагічным перыядам 2009 года). Трэба сказаць, што нядрэнныя вынікі маем і па аб'ёме перавозак: значны прырост у параўнанні з мінулым годам і практычна дагналі ўзровень дакрызіснага перыяду, а што тычыцца выручкі, то яна нават перавышае на 5% дакрызісны ўзровень.
Разам з тым Мікалай Баравы абазначыў праблему, якая стаяла перад міжнароднымі перавозчыкамі ў 2009 годзе і засталася вострай у 2010-м — гэта абнаўленне парка рухомага саставу. Сёлета міжнародныя перавозчыкі атрымалі толькі 134 адзінкі новай тэхнікі, хаця, напрыклад, за аналагічны перыяд 2008 года гэтая лічба складала каля 800 седлавых цягачоў. Асноўная прычына, якая замінае абнаўленню рухомага саставу — гэта невысокая рэнтабельнасць працы, якая, па словах Мікалая Баравога, складае 1,5 %.